ТО́МСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУ Зах. Сібіры, у Рас. Федэрацыі. Утворана 13.8.1944. Пл. 316,9 тыс. км². Нас. 1068 тыс. чал. (2000), гарадскога 66,9%. Найб. шчыльна заселены паўд. і паўд.-ўсх. раёны. Цэнтр — г. Томск. Найб. гарады: Северск, Стражавой, Асіна, Калпашава.

Паверхня раўнінная, пераважаюць плоскія, забалочаныя тэр. Зах.-Сіб. раўніны. На ПнУ Кецка-Тымская, на ПдЗ Васюганская раўніны, на ПдУ адгалінаванні Кузнецкага Алатау (выш. да 211 м). Цэнтр ч. занята шырокай далінай р. Об, якая падзяляе тэр. на балоцістае левабярэжжа і ўзвышанае правабярэжжа. Карысныя выкапні: 75 радовішчаў нафты, 15 нафта- і 7 газакандэнсатных (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя). 12 радовішчаў метал. руд (жал., тытанавых, рэдказямельных і інш.), торф, буры вугаль, буд. матэрыялы. Вял. запасы артэзіянскай пітной вады, тэрмальных і мінер. вод (бромістых, ёдзістых, серавадародных, радонавых). Клімат кантынентальны. Зіма суровая і працяглая, лета цёплае і кароткае. Сярэдняя т-ра студз. ад -19 °C да -21 °C, ліп. 17—18 °C. Ападкаў 400—550 мм за год, пераважна летам. Гал. р. Об з прытокамі Том, Чулым, Кець, Тым (справа), Чая, Парабель, Васюган (злева). Шмат азёр. Каля 30% тэр. забалочана. Глебы дзярнова-падзолістыя і тарфянабалотныя, на Пд і ПдУ — шэрыя лясныя і чарназёмныя. Пад лесам 63% тэр., пераважаюць хвойныя пароды (сіб. кедр, лістоўніца, піхта, елка, хвоя), растуць бяроза, асіна.

Т.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. На долю прам-сці прыпадае каля 60% валавога ўнутр. прадукту. Гал. галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі); паліўная (51%), хім. (21%), маш.-буд. (17%), электраэнергетыка (9%), харчовая (7%). Штогадовая здабыча нафты 6—7 млн. т, прыроднага газу 5—6 млрд. м³. Хім. (вытв-сць плутонію для АЭС, медпрэпаратаў, гумавага абутку), маш.-буд. (вытв-сць электрарухавікоў, горна-шахтавага абсталявання, кабелю, электралямпаў, падшыпнікаў, металарэзных інструментаў, мед. тэхнікі і інш.), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля, алоўкі, запалкі) прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Харч. (мукамольная, масларобная, мясная, рыбакансервавая і інш.) і лёгкая (швейная, трыкат.) не забяспечваюць мясц. патрэбы. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і цяплічным агародніцтве. С.-г. ўгоддзі займаюць 1,4 млн. га, у т. л. ворныя землі 0,6 млн. га. Асн. збожжавыя культуры (пшаніца, жыта, ячмень) сеюць на Пд і ПдУ. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя культуры. На долю жывёлагадоўлі прыпадае 70% валавога аб’ёму с.-г. прадукцыі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, вакол г. Томск жывёлагадоўчыя комплексы па прамысл. вытв-сці свініны, мяса птушкі і яек, цяплічныя гаспадаркі. Пушны промысел і зверагадоўля. Рыбалоўства. Асн. віды транспарту — водны і аўтамабільны. Суднаходства па рэках Об, Чулым, Том, Кець, Чая, Парабель, Васюган. Гал. рачныя парты: Томск, Аляксандраўскае, Асіна, Калпашава. Даўж. аўтадарог 4,5 тыс. км. Чыгунка Тайга—Томск—Асіна—Белы Яр (402 км) злучае Т.в. з Транссібірскай магістраллю. 8 аэрапортаў. Нафтаправод Аляксандраўскае—Анжэра-Суджанск, газаправод Мыльджына—Кузбас.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 15, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)